среда, 29 октября 2014 г.

2011 SOLD TIME (DEMO)





Агульна.
У лютым 2007 году я, без дай прычыны, вырашыў пераслухаць шэраг блюзавых артыстаў. Калі хто памятае,
zygimont VAZA пачынаўся з хард-блюзу і з цягам часу вандраваў у стылёвым акіяне ажно да экстрэмальных шыротаў. І вось я пачаў пераслухоўваць розных блюзмэнаў і, як кажуць, мяне цалкам накрыла. У пэўны момант я зразумеў, што блюз-рок — гэта тая музычная форма, у якой я пачуваюся максымальна камфортна.  І што, паспрабаваўшы працаваць у розных музычных стылях, нарэшце лагічна вяртаюся да таго, з чаго й пачынаў. Гэтыя зьмены можна пачуць у вапошнім альбоме zygimont VAZA «Agromegapolis».
Аднак мне сталася зразумелым, што ўся прырода zygimont VAZA базавалася на сталым, працяглым эксперыментаваньні. А новая візыя маёй музыкі прадугледжвае не такое экстрэмальнае імкненьне да рознастылёвасьці. Таму я палічыў лагічным і неабходным паставіць кропку ў жыгімонтаўскае эпапэі і распачаць нешта зусім новае, пачаць, як кажуць, з нуля. З назвай мудраваць ня прыйшлося — выкарыстаў самы першы варыянт, які я прыдумаў у далёкім 1987 годзе. Калі я, натхнёны удзельнікамі «Бонды», пачаў ствараць свой першы сур’ёзны гурт. Хто памятае, першая назва, перад  zygimont VAZA была «Bastinda». Але назва гэтая паўстала ў выніку пэўнае селекцыі сярод іншых. А храналагічна самае першаю была гульня са словамі, што ўтвараюць тэрмін «blues» — «blue devils». Так узьнік мой новы музычны праект The Blue Devils.
Запісаны адразу новы матэрыял (2009) падаваўся мне спачатку сыраватым, не зусім гатовым. І я вырашыў трохі пачакаць, каб, магчыма, нешта падправіць ці нават перазапісаць. Пакуль я такім чынам чакаў, назьбіраўся і запісаўся матэрыял яшчэ аднаго альбому (2011). І тут таксама мне ўсё карцела нешта падладзіць, таму аніякае публікацыі не адбылася.  Карацей, час мінаў, я пачаў ствараць яшчэ больш сьвежы альбом і вырашыў канчаткова разьвязаць усе пытаньні з нявыдадзеннымі раней. Праслухаў і зразумеў, што нічога дарабляць ці перарабляць абсалютна ня трэба. Таму гэтыя песьні стануцца апублікаванымі ў сваем першасным выглядзе, без якой-кольвек карэктуры.
Коратка пра альбомы.
Усе тры альбомы зьнітаваныя адным паняткам — «ПРЫСЬВЯЧЭНЬНЕ». Часьцей за ўсё, нейкія прысьвячэньні ў мастацтве робяцца ў гонар памяці памерлых асобаў. Калісьці я задумаўся і зразумеў, што, памерлым мае прысьвячэньні абсалютна не патрэбныя. І што прысьвячаць што-кольвек трэба і варта менавіта жывым — сваякам, сябрам, паважаным асобам. Таму і назва цыклу паўстала адпаведная — «Прысьвячэньне тым, хто жыве». Гэта прысьвячэньне ўсім маім сябрам, калегам, якія яшчэ прысутнічаюць  ў гэтым сьвеце. Гэта даніна памяці залатым часам юнацтва і раняе маладосьці. Калі мары і летуценьні  шмат каго з нас не выглядалі наіўнымі, а здаваліся досыць рэальнымі ва ўласнае рэалізацыі. Пры гэтым пазьбягаю пафасу і тугі, бо гэта ня мой звычайны нутраны стан. Больш за тое, я ня імкнуся енчыць па часох, калі «the sky was blue and the grass was greener». І гумару бракаваць таксама ня будзе.
Ва ўсіх альбомах чыста музычна я ня імкнуўся ані да стылізацыі, ані да недарэчнае гульні «у старога сівога мурына-блюзмэна». Я ствараю пэўны матэрыял, зьвяртаючыся да блюзавых і блюз-рокавых прынцыпаў ці клішэ, аднак пачуваюся вольна і не падпадаю пад дамінаваньне уласна музычнае формы. Так, можна пачуць шмат зваротаў да традыцыйнае блюзавае паэтыкі і вобразаў: той жа мой зварот «Бедны хлопча» зьяўляецца нічым іншым як класічным «Poor boy, poor boy…». І структура «пытаньне-адказ» і розныя іншыя дробныя чыста блюзавыя штучкі маюць месца. Аднак я імі не злоўжываю насуперак сэнсавым значэньням песьняў.


BLUE HANGOVER, 2009.
Лірычны герой — звычайны гарадзкі багемны ці калябагемны пэрсанаж. Малады чалавек, для якога алкаголь яшчэ не стварае фізыялагічных, псыхалагічных ці сацыяльных праблемаў. Нават наадварот, алкаголь зьяўляецца дадатковым каналам спасьціжэньня навакольнага жыцьця і наладжваньня сацыяльных сувязяў. Разам зь ім слухач пражывае звыклы, стандартны дзень — ад цяжкага абуджэньня летнім сьпякотным ранкам, праз розныя падзеі і прыгоды, ажно да вар’яцкае выправы на чарговую імпрэзу ўвечары.
Усе сытуацыі, апісаныя ў альбоме — гэта падзеі, якія калісьці адбываліся ў рэальнасьці. Толькі з рознымі людзьмі — і са мной, і з маімі ўласнымі ці агульнымі сябрамі. Зразумела, што ўсё гэта пераплецена-пераблытана і  храналагічна, і геаграфічна, і асабістава. Але мой разьлік палягае на тым, што ўсе знаёмыя людзі  пазнаюць альбо апісаную сытуацыю, альбо нават саміх сябе. Хоць,  такім чынам, кола асобаў, якім будзе цалкам зразумеым матэрыял усяго цыклу альбомаў, ня станецца вялізарным. Ды й мая задача была менавіта ў камэрнасьці разуменьня, такі сабе праект «для сваех».
SOLD TIME, 2011.
Тэмы й вобразы альбому таксама паўсталі на падставе асабістага досьведу. Як уласнага, так і (нават больш), досьведу маех знаёмых і сяброў. Тэма простая і зразумелая — прададзены час. Тая частка жыцьця, якая мінае на працы. І вельмі-вельмі па-рознаму гэта адбываецца ў кожнага з нас.
SWAMP STORIES, 2014.
Задумка была наступная. Не раз з сябрамі гутарылі пра неабходнасьць нейкага занатоўваньня вясёлых і вар’яцкіх падзеяў беларускае рок-тусоўкі  1990-х – пачатку 2000-х. І неяк мне прыйшло да галавы падаць гэтыя аповяды ў форме міжпесенных «гавэндаў», так як рабілі блюзмэны Дэльты ў 1920-х – 1930-х гадох. Калі, выступаючы ў джук-джойнце, артыст перамяжаў песьні рознымі аповядамі-легендамі пра нейкіх вядомых ці легендарных асобаў. Таксама лагічным мне падалося прыцягненьне да ролі  прамоўцаў розных асобаў — для разнастайнасьці як самога матэрыялу, так і ўласна падачы.
Аднак, мы сутыкнуліся з «праблемай». Гэтых гісторый так шмат, што для занатоўваньня лагічней стварыць хутчэй нейкую тоўстую кнігу успамінаў. І межы стандартнага  музычнага альбому не дазволяць шырока прэзэнтаваць такі культурны і гістарычны матэрыял.


Як і ў папярэдніх альбомах, усе апісаныя падзеі сапраўды аднойчы дзесьці адбыліся. Блюзавы складнік прадстаўлены, паміж іншым, тэмамі успамінаў, суму, каханьня ці эміграцыі.
У ідэале запіс планаваўся як найбольш ужывую. Каб музыкі знаходзіліся ў студыі разам з прамоўцамі. Каб максымальна ажыцьцявіць менавіта джук-джойнт шоў. Але, як кажуць, рэчаіснасьць дадавала розных акалічнасьцяў і, у выніку, у мяне ніколі ў жыцьці ня было такога досьведу працы над альбомам. Нават узгадваць не бяруся, бо галоўнае — тое, што стварылася. А якім чынам і з якімі тэхнічна-часова-пэрсанальнымі праблемамі, так па праўдзе зусім няважна ўжо.

Адзінае, што мы з Уладам Бубенам такі пасядзелі за півам пры мікрафоне. Іншыя кандыдаты — Алег Баражынскі, Lesley Knife і шэраг іншых, праз уласныя клопаты ўсё пераносілі візыты ў студыю на іншы час. Аднак, раптам сталася зразумелым, што колькасьць гісторый-аповядаў будзе значна перавышаць колькасьць уласна песьняў. І ствараецца, усёж-ткі, традыцыйны музычны альбом, а не камедыйнае аўдыё-шоў. Таму, высілкам волі, я скараціў увесь матар’ял  да больш-менш звыклага таймінгу. І з аповядаў пакінуў толькі ўжо запісаныя, гэта значыць мае ўласныя і Ўлада Бубена. Ня ведаю пакуль, якім чынам, але праект мне бачыцца цалкам адкрытым. І хацелася б калі-небудзь яго ажыцьцявіць — менавіта ў форме жывога выступу музыкаў, з аповядамі прамоўцаў паміж песьнямі. Час пакажа, як той казаў.